Сёння адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў. Міжнародная канвенцыя па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынята 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі 57 дзяржаваў. 19 краін ужо ратыфікавалі Канвенцыю. Беларусь яе падпісала, але не ратыфікавала, нагадвае БелаПАН. Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. Увосень 1999 года ў краіне бясследна зніклі прадстаўнікі апазіцыі — былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Улетку 2000 года бясследна знік тэлеаператар Зміцер Завадскі.

Акцыя памяці Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага пройдзе сёння ўвечары на цэнтральнай плошчы Амстэрдама з дазволу муніцыпальных улад.

Тым часам улады Брэста забаранілі актывістам дэмсіл правесці мітынгі за ратыфікацыю Беларуссю Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў.