Сёння заканчваецца пракурорская праверка па факце смерці Алега Бябеніна

Сёння заканчваецца тэрмін пракурорскай праверкі па факце гібелі Алега Бябеніна. Нагадаем, што роўна тры месяцы таму, 3 верасня 36-гадовага журналіста знайшлі засіленым у сябе на лецішчы ў вёсцы Пярхурава непадалёк ад Мінску. Нябожчык не пакінуў перадсмяротнай запіскі. Па версіі следчых пракуратуры, якія вялі гэтую справу, гэта было самазабойства. Гэтую версію не абверглі і эксперты АБСЕ, якіх беларускія ўлады запрасілі для расследавання смерці журналіста. Такім чынам, сёння праверку павінны спыніць. Раней прадстаўнікі пракуратуры Мінскай вобласці ўжо заяўлялі, што не будуць распачынаць крымінальную справу.

Пры гэтым сябры і паплечнікі Алега Бябеніна цвердзяць, што гэта было забойства па палітычных матывах. Журналіст быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў сайту Хартыя’97.