Тэлеканал АНТ пакуль не атрымаў ніводнай вартай песні для Еўрабачання

Тэлеканал АНТ да гэтага часу не атрымаў ніводнай вартай увагі песні для Еўрабачання. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар канала Аліна Праваторава.
Аліна Праваторава: “Калі аб’яўляеш конкурс, звычайна ідуць такія першыя бліны: найграныя на гітары пару акордаў, альбо проста лісты са словамі да песні. Пакуль нічога прыстойнага, на што можна было б звярнуць увагу, мы не атрымалі”.

Лісты і запісы ад жадаючых атрымаць 50 тысяч долараў за песню для Еўрабачання прыходзяць у Дырэкцыю спецпраектаў. Выбіраць песню будзе спецыяльна створаная творчая група. Але пакуль, кажа Аліна Праваторава, паказваць ім проста няма чаго.

Пакуль тое, што на заклік АНТ не адгукнуўся ніхто з вядомых кампазітараў, альбо што сярод аматараў не знайшлося генія, не асабліва хвалюе арганізатараў конкурсу. Кажуць, час яшчэ ёсць. Але калі сітуацыя не зменіцца цягам месяца, падставы для непакою з’явяцца.

Аліна Праваторава: “Калі мы нічога не будзем і ў верасні атрымліваць, то гэта будзе насцярожваць. І мы будзе рабіць нейкія іншыя крокі”.