Тураператары падагульнілі сваё ўзаемадзеянне ў праекце "Невядомая Еўропа"

За два гады дзесяткі беларускіх студэнтаў, менеджэраў па турызме і ўладальнікаў аграсядзібаў павысілі сваю кваліфікацыю за мяжой. У выніку двухгадовага міжнароднага праекта "Невядомая Еўропа" былі складзены водныя, веласіпедныя і пешаходныя турыстычныя маршруты. Створана спецыяльная база падрыхтоўкі будучых прафесіяналаў у сферы турызму.
Па словах беларускіх кіраўнікоў праекта, для лакальнага турызму ў Гродне самым галоўным дасягненнем стала навучанне людзей, занятых у мясцовай туріндустрыі, у першую чаргу, гэта студэнты і ўладальнікі мясцовых аграсядзібаў. Тут лічаць, што менавіта яны неўзабаве завабяць замежнага турыста ў Беларусь, паведамляе Белтэлерадыёкампанія.

Польскія каардынатары "Невядомай Еўропы" у рамках праекта правялі спецыяльнае апытанне, у якім удзельнічала больш за 2 тысячы польскіх турыстаў. На адно з пытанняў: "Хацелі б Вы наведаць Беларусь?" 80 % апытаных далі станоўчы адказ.