Тусоўшчыкі стаміліся ад фэстаў і ходзяць на сакрэтныя вечарыны

Галандцаў больш не здзівіш фэстамі ці рэйвамі на дзесяткі тысяч чалавек. Сёння тусовачны нерв яны казычуць нелегальнымі вечарынкамі. Але перш чым спускацца ў андэграўнд, давайце паглядзім на буйныя фэсты, ад якіх так стаміліся галандцы.



За 30 еўра Еўрарадыё набыла квіток на аднадзённую электронную падзею. Называлася яна “Вольты любяць лета” (Voltt loves summer).



Вольты любілі зыходзячае лета ў фабрычнай зоне Амстэрдама — у месцы, да якога з цэнтральнага вакзала трэба 10 хвілін дабірацца на бясплатным пароме. Там сярод кранаў і бункераў змайстравалі дзве сцэны, на якія запусцілі зорак тэхна і мінімала — Рычы Хоціна (Richie Hawtin), Марка Каролу (Marco Carola) і іншую кампанію.

Апроч музыкі, наведвальнікам прапанавалі памаляваць графіці, зрабіць сабе дызайн майкі, прыклеіць на твар кіслотныя вусы з барадой...



Весела! Але нам сказалі, што галандцам такое надакучыла. Яны, канечне, ходзяць на ўсе івэнты, і нават паслухмяна ходзяць!

Але спецыялісты па адпачынку кажуць, што фішка Галандыі зараз — не фестывалі, а андэграўндныя вечарыны ў сакрэтных месцах. Людзі, якія іх ладзяць, не ганяюцца за аўдыторыяй — яны робяць гэта дзеля сябе і сяброў.



Дыджэй і прадзюсер Дэксан (DJ Dexon), які арганізоўвае падобныя вечарыны, расказаў нам:

“Даведацца пра такую вечарыну можна толькі атрымаўшы “сакрэтны флаер” без аніякай кантактнай інфармацыі, акрамя вэб-сайту. На гэтым сайце трэба будзе зарэгістравацца, пасля табе патэлефануюць, скажуць, як набыць квіток — і толькі тады ты даведаешся, дзе гэтае сакрэтнае месца”.



Хоць Галандыя і лічыцца вельмі свабоднай краінай, тут, тым не менш, жорсткія законы. І калі сакрэтная вечарына нелегальная, туды можа прыехаць паліцыя і ўсіх разагнаць.

“Але зараз бум з гэтымі вечарынамі, гэта значыць, што паліцыю ўсё ж можна перахітрыць,” — сказаў Дэксан.

Яшчэ галандцы не лянуюцца прыдумляць спецыяльны адпачынак у будныя дні. Канкурэнцыя на вечарыны вялікая, таму трэба варушыць звілінамі, каб зрабіць нешта асаблівае.



Дэксан
, напрыклад, прыдумаў серыю вечарын “Пра што ты думаеш ў аўторак?”.

“Калі я прыдумваў гэтую канцэпцыю, ніхто ў яе не верыў. Але я бачыў патэнцыял, таму што ў Амстэрдаме ніхто такога не рабіў”.

Ідэя спрацавала. Еўрарадыё на свае вочы пабачыла, наколькі шмат “занятых і добрасумленных” галандцаў можа прыйсці на вечарыну пасярод працоўнага тыдня і адрывацца на ёй да 3 гадзінаў раніцы.



Дарэчы пра час! Вельмі здзівіла, што амаль усе клубы зачыняюцца ў 3. Рэдкія — ў 5. А на афтапаці нават самым буйным клубам даюць ліцэнзію ўсяго некалькі разоў на год.

Дэксан патлумачыў, што прычына — у архітэктуры!

“У Амстэрдаме, напрыклад, вельмі маленькія будынкі, якія стаяць шчыльна адзін да аднаго. І ўсе клубы заходзяцца паміж дамамі, дзе жывуць людзі. Натуральна, што жыхары скардзяцца!”.



Не ведаем, як яны там скардзяцца і каго ў выніку разганяе паліцыя, але музычных падзеяў у Галандыі з кожным разам усё большае. Спадзяемся, хутка ім там не хопіць месца і яны паедуць асвойваць новыя тэрыторыі. Напрыклад, Беларусь. А мы ім нелегальных вечарынаў ужо напрыдумляем!

Фота: Міла Котка

Слухай іншыя рэпартажы пра Галандыю: "ТЭЛЕПОРТ У ГАЛАНДЫЮ"