У Бабруйску актывістаў здымаюць з аўтобусаў і выклікаюць у міліцыю

У Дзень Волі бабруйскіх актывістаў дэмакратычнага руху выклікалі у міліцыю. Вядома, што сярод іншых позвы атрымалі Алесь Чыгір, Алеся Скапінцава і Алена Мядзведзева.
Іх выклікаюць як сведкаў па нейкай справе асабіста да намесніка кіраўніка бабруйскага УУС Сяргея Малішэўскага. Цікава, што ўсім “сведкам” прызначаны адзін час і адзін кабінет.

Тым часам некалькі маладых бабруйчан былі затрыманыя на аўтавакзале, літаральна знятыя з аўтобуса на Мінск. Пра гэта па тэлефоне паведаміла Таісія Кабанчук, прэтэндэнтка ў кандыдаты ў дэпутаты ад аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.

Супрацоўнікі міліцыі такім чынам спрабуюць перашкодзіць актывістам прыняць удзел у святкаванні Дня Волі ў сталіцы. Кандыдатка бачыла, як хлапцоў здымалі з аўтобуса і вырашыла высветліць, што адбываецца. Але міліцыянты затрымалі і яе. На дадзены момант сувязі з ёй няма.