У Балтымар на барацьбу з масавымі пратэстамі прыбыла больш за 1000 салдат

10 чалавек арыштаваныя ў амерыканскім Балтымары за парушэнне рэжыму, марадзёрства і агрэсіўныя паводзіны ў першую ноч дзеяння каменданцкай гадзіны. Нагадаем, на ўвядзенне такіх мер мясцовыя ўлады пайшлі 28 красавіка пасля масавых беспарадкаў. Разам з тым у горад на дапамогу паліцыі прыбылі 1 700 вайскоўцаў і лётчыкаў, з іх каля 400 – з іншых штатаў.

Напярэдадні з заявай выступіў і прэзідэнт ЗША Барак Абама, які адзначыў, што “няма апраўдання гвалту”, які адбываецца ў Балтымары:

Калі людзі бяруць ламы і пачынаюць ламіць дзверы, яны не пратэстуюць, яны не робяць заявы. Яны рабаўнікі. Калі яны падпальваюць будынкі, яны падпальшчыкі. Такія людзі разбураюць і забіраюць бізнес, магчымасці ў сваіх супольнасцях. Яны скрадаюць працоўныя месцы і магчымасці ў людзей з гэтых тэрыторыяў”.

Дэманстрацыі пратэсту ў Балтымары ладзяцца штодня з 19 красавіка. У гэты дзень памёр 25-гадовы афраамерыканец Фрэдзі Грэй. Ён загінуў ад траўмы спіннога мозга праз тыдзень пасля затрымання белымі паліцэйскімі. Акалічнасці затрымання пакуль невядомыя, але на аматарскім відэазапісе, зробленым з тэлефона, бачна, як паліцыянты цягнуць Грэя ў машыну. Праз гадзіну затрыманага даставілі ў бальніцу, дзе ён упаў у кому. Шасцёра паліцэйскіх часова былі адхіленыя ад працы.

Фрэдзі Грэй

Сітуацыя ў горадзе абвыстрылася падчас акцыі пратэсту 25 красавіка. Тады каля тысячы дэманстрантаў сабраліся каля мэрыі Балтымара. Прамоўцы заклікалі Барака Абаму правесці агульнанацыянальнае расследаванне выпадкаў паліцэйскага гвалту.

Праз пэўны час моладзь пачала кідаць у паліцэйскіх камянямі, бутэлькамі і смеццевымі бакамі. Праз два дні, 27 красавіка, губернатар амерыканскага штата Мэрыленд Лэрры Хоган заявіў пра ўвядзенне надзвычайнага становішча ў горадзе праз няспынныя масавыя беспарадкі з прымяненнем гвалту.

Паводле апошніх дадзеных, тады падчас сутыкненняў пратэстоўцаў з паліцыяй раненні атрымалі, прынамсі, 15 праваахоўнікаў. Было падпалена больш за 100 машын. Каля 230 чалавек былі затрыманыя. У горадзе былі разрабаваныя многія крамы, у выніку падпалу згарэла аптэка, ва ўсходняй частцы горада пажар ахапіў шматпавярховік.

Нагадаем, што са снежня 2014 года ў ЗША адбыўся цэлы шэраг пратэстных акцый і беспарадкаў з нагоды гібелі афраамерыканскіх мужчын у выніку дзеянняў паліцэйскіх.

Фота: edition.cnn.com, nbcnews.com, uptownmagazine.com, Jim Bourg—Reuters, philadelphia.cbslocal.com.