У Беларусі сёлета налічылі звыш 500 ачагоў шаленства сярод дзікіх жывёлаў

Значнае павялічэнне захворвання на шаленства сярод дзікіх жывёлаў адзначанае ў Беларусі. З пачатку года ў нашай краіне зафіксаваныя звыш 500 такіх ачагоў. Гэта на траціну болей, чым было летась.
Хворыя лісы і куніцы, а менавіта яны найчасцей - носьбіты хваробы, нападаюць на хатнюю жывёлу. Як паведамляе тэлеканал СТВ, толькі ў Мастоўскім раёне выяўлена ўжо 15 такіх выпадкаў.  

Часам хворыя жывёлы нападаюць і на людзей. У лютым ліса ўварвалася ў раздзявальню Добрушскай парцалянавай фабрыкі і выклікала "лёгкую паніку" сярод рабочых. У тым жа месяцы шаленства хатняй коткі стала прычынай каранціну на адзінаццаці гродзенскіх вуліцах.