У "Белавіі" адмаўляюць, што самалёт паўгадзіны кружыў над аэрапортам

Нацыянальная авіякампанія "Белавія" не пацвярджае інфармацыю, што ўчора паўгадзіны не мог прызямліцца пасажырскі самалёт Ту‑154 з 164 пасажырамі, які прыляцеў з Турцыі.  Нагадаем, пра гэта паведаміў тэлеканал СТВ, які сцвярджаў, што прычынай здарэння было пашкоджанне шасі.

Аднак намеснік гендырэктара "Белавіі" Ігар Чаргінец паведаміў Еўрарадыё, што прычына была ў іншым: "Там шасі выпускалася зусім нармальна і запускалася назад. Там была пашкоджаная пакрышка".

Тэхнічны дырэктар авіякампаніі Аляксандр Пыч называе ўчорашняе здарэнне "штатнай абстаноўкай". Паводле яго словаў, пашкоджанне было выяўлена ўжо на зямлі - спецыялісты знайшлі "разбурэнне пнеўматыкаў двух задніх колаў на левай стойцы шасі".

Вось што кажа Аляксандр Пыч пра час знаходжання самалёта над аэрапортам і пра тое, як перанеслі палёт пасажыры:

"Ён сеў, як і планавалася, у 13.32. У паветры знаходзіўся запланаваны час, сядаў у штатнай абстаноўцы. Ніякіх падзеяў, якія маглі неяк паўплываць на самаадчуванне пасажыраў, альбо прывесці да больш сур'ёзных наступстваў, не было".

Цяпер спецыялісты "Белавіі" займаюцца высвятленнем прычын узнікнення пашкоджання.