У Брэсце мужчына, пагражаючы нажом, забраў з раддома немаўля

У Брэсце распачалі крымінальную справу ў адносінах 25-гадовага мужчыны па артыкуле "пагроза забойствам". Увечары 29 красавіка ён разам з 23-гадовай жонкай прыйшлі ў радзільны дом і забралі адтуль сваю дачку, якая нарадзілася 3 красавіка. Справа ў тым, што мужчына і жанчына нідзе не працуюць і маюць псіхічнае захворванне. Таму ім і не дазволілі забраць дзіця, але яны маглі яго наведваць.

Як паведамляе прэс-служба міліцыі Брэсцкай вобласці, падчас чарговага наведвання дачкі, жанчына ўзяла яе на рукі і выйшла з палаты. Мужчына прыгразіў нажом лекару. якая спрабавала ім перашкодзіць.

Для пошуку дзіцяці аператыўна сабралі ўвесь асабісты склад Маскоўскага РАУС. Выкарыстоўваўся службова-вышуковы сабака. Сямейную пару знайшлі ў кватэры 85-гадовай жыхаркі Брэста ў цэнтры горада. Мужчына затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар. Праводзіцца расследаванне. Вырашаецца пытанне аб прызначэнні судовай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, дадае БЕЛТА. Дзіця вярнулі ў радзільны дом.

Фота: Fotolia