У Брэсце пачынаюцца першыя Еўразійскія гульні сярод юнакоў і дзяўчат

Урачыстая цырымонія іх адкрыцця адбудзецца ўвечары 19 верасня на стадыёне спартыўнага комплексу "Брэсцкі".
Гульні працягнуцца да 22 верасня. У іх прымуць удзел спартоўцы 1992—1994 гадоў нараджэння з 10 краінаў: Азербайджана, Беларусі, Казахстана Кыргызстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны.

У праграме — спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболе, спартыўнай гімнастыцы, акадэмічным веславанні, веславанні на байдарках і каноэ, хакеі на траве, дзюдо, вольнай барацьбе, барацьбе на паясах, самба і кулявой стральбе.

Агулам у гульнях прымаюць удзел 915 спартоўцаў. Самая вялікая дэлегацыя прыехала з Расіі — 282 чалавекі. Беларусь выставіла 277 удзельнікаў, 220 спартоўцаў прыехалі з Казахстана. Найменшую дэлегацыю даслала Літва — усяго 16 чалавек: яны будуць удзельнічаць толькі ў спаборніцтвах па дзюдо.

На працягу пяці дзён плануецца разыграць 145 камплектаў медалёў. Дарэчы, ўзнагароды пераможцу і прызёрам у бегу на 100 метраў павінна ўручыць алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка.

БелаПАН