У Брэсце пажарныя ратавалі людзей з балкона на сёмым паверсе (фота)

На пажары ў Брэсце чатырох чалавек давялося ратаваць з палаючай кватэры праз балкон на сёмым паверсе. Пажар здарыўся ўдзень у пятніцу, паведамляе прэс-служба МНС. Пра здарэнне выратавальнікам паведамілі суседзі. На момант узгарання ў кватэры знаходзіліся яе гаспадыня з нявесткай і двое малых дзяцей — 2008 і 2010 году нараджэння. Выбрацца праз дзверы яны не маглі, таму пажарным давялося здымаць іх з балкона.

Усе чацвёра ўратаваныя. Дзеці не пацярпелі — яны не маюць ні апёкаў, ні атручэння прадуктамі гарэння. Жыццям дарослых таксама нічога не пагражае, хоць маці малых атрымала апёкі і наглыталася дыму.

На час пажару таксама эвакуявалі 21 чалавека з прылеглых кватэраў. Узгаранне аператыўна ліквідавалі.

У кватэры пацярпелых згарэла мэбля, пашкоджанае аздабленне. Што да прычынаў узгарання, то гэта маглі быць дзіцячыя гульні з агнём.