У Брэсце п’яныя бацькі з дзіцём у машыне спрабавалі ўцячы ад пагоні ДАІ

Ноччу 10 жніўня інспектараў ДАІ прыцягнуў аўтамабіль Ford Sierra. Кіроўца праігнараваў знак інспектараў спыніцца і паспрабаваў уцячы. Падчас пераследу аўтамабіль атрымалася спыніць на вуліцы Янкі Купалы. Агляд кіроўцы (1982 года нараджэння) паказаў 1,9 праміле алкаголю ў крыві, яго жонкі (1986 г.н.), якая ехала на пасажырскім крэсле, — 1,7 праміле. Акрамя шлюбнай пары, у салоне ў аўтакрэсле знаходзілася іх двухгадовае дзіця, паведамілі ў ДАІ Брэсцкай вобласці.

Аўтамабіль зарэгістраваны на жонку кіроўцы, таму жанчыну таксама прыцягнулі да адказнасці за перадачу кіравання п'янаму кіроўцу.

Жанчыне, якая з’яўляецца ўладальнікам аўтамабіля, пагражае штраф за перадачу кіравання транспартным сродкам асобе, якая знаходзiцца ў стане алкагольнага ап’янення. Кожны з парушальнікаў заплаціць мінімум па 50 базавых велічынь. Акрамя таго, яны будуць пазбаўлены права кіравання аўтамабілем.

Разам з тым у дачыненні да кіроўцы былі складзеныя 3 пратаколы: за кіраванне ў стане ап’янення, невыкананне патрабаванняў аб прыпынку, што пацягнула пераслед, і адсутнасць тэхагляду.

Фота: abw.by