У Цэнтральным судзе Мінску — 500 пазоваў па запазычанасцях за "камуналку"

У суд Цэнтральнага раёна з пачатку года пададзеныя больш за 500 пазоваў наконт прымусовага спагнання запазычанасці па аплаце камунальных паслуг. Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны", работнікі жыллёвых службаў разам з міліцыянтамі і судовымі выканаўцамі наведалі звыш 1000 кватэраў. Падчас рэйдаў была апісаная і потым прададзеная маёмасць даўжнікоў на дзясяткі мільёнаў рублёў.

На цяперашні час каля 200 мільёнаў рублёў (а гэта 50% ад агульнай сумы запазычанасці па раёне) налічваецца за жыхарамі, якія не плоцяць за кватэру больш як паўгода. Аднак у агульнай колькасці неплацельшчыкаў яны складаюць ледзь больш за 1%. Злосных неплацельшчыкаў мяркуецца высяляць — ад пачатку года ЖРЭА Цэнтральнага раёна падало ў суд 15 пазоваў аб высяленні.