У Чырвоным касцёле разам памоляцца прадстаўнікі розных канфесій
Сёння ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены адбудзецца экуменічная літургія з удзелам прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій Беларусі. Духоўная малітва распачне трохдзённы трыдуум, прысвечаны 100-гадоваму юбілею касцёла, урачыстае святкаванне якога адбудзецца ў нядзелю, 21 лістапада. Міжканфэсійная літургія распачнецца ўрачыстай працэсіяй вакол Чырвонага касцёла а 12-й гадзіне дня. Затым у храме адбудзецца супольная малітва. На гэтую малітву запрошаныя прадстаўнікі розных канфесій: праваслаўнай царквы, прадстаўнік лютэранскай царквы, грэка-каталіцкай, прадстаўнік сінагогі з Ізраілю. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе казаць уступнае слова, а ўсіх удзельнікаў будзе вітаць пробашч Уладзіслаў Завальнюк, паведамляе Радыё Свабода.