У дзень Салідарнасці у Віцебску напісалі лісты палітвязню (фота)

Паказ фільма, прысвечанага праваабаронцы Яне Паляковай, адбыўся ў Дзень салідарнасці ў Еўрапейскім клубе ў Віцебску.  Нагадаем, салігорская праваабаронца год таму скончыла жыццё самагубствам, не вытрымаўшы ціску з боку праваахоўчых органаў і афіцыйнай прэсы. Віцебскія актывісты ўшанавалі памяць Яны Паляковай хвілінай маўчання.

Пасля прагляду фільма прысутныя вырашылі выказаць салідарнасць з палітвязнем Алегам Сурганам, які адбывае пакаранне ў арыштным доме ў Глыбокім за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адным з будынкаў у Віцебску. Алега Сургана абвінавацілі ў тым, што падчас затрымання ён нібыта ўкусіў аднаго з супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле віцебскай каардынатаркі Аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяны Севярынец, болей дзесятка лістоў ўжо пайшлі да адрасата. Таксама актывісты рыхтуюць для Алега Сургана прыемны сюрпрыз — невялічкую бібліятэчку беларускамоўнай літаратуры. Праўда, згодна з правіламі ўтрымання зняволеных, перадаць стос кніг за адзін раз нельга, і кожную кнігу давядзецца дасылаць асобна заказнымі лістамі.