У Дзень свабоды прэсы БАЖ павіншуе пераможцаў "Вольнага слова"

3 траўня ў свеце адзначаецца Дзень свабоды прэсы. Гэтая дата абраная ў гонар таго, што 3 траўня 1991 году ў сталіцы Намібіі прадстаўнікі незалежнага друку краінаў Афрыкі прынялі “Віндхуцкую дэкларацыю”. У гэтым дакуменце змешчаны заклік да ўрадаў усіх краінаў свету забяспечыць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

Ужо не першы год незалежным журналістам у нашай краіне даводзіцца выконваць свае прафесійныя абавязкі ў надзвычай неспрыяльных умовах. Пра гэта нагадала ў сваім віншаванні з нагоды свята Беларуская асацыяцыя журналістаў. Разам з тым, адзначаецца ў пасланні, у гэтых умовах бадай самы галоўны здабытак — гэта тое, што незалежная журналістыка захавалася ў Беларусі як інстытут грамадства.

Нагадаем, у нядаўнім дакладзе праваабарончай арганізацыі “Freedom House” Беларусь трапіла на 189-е месца паводле ўзроўню свабоды прэсы.

У гонар свята БАЖ правядзе ўручэнне журналісцкіх прэміяў пераможцам конкурсу "Вольнае слова".


Фота: ByMedia