У ганцавіцкай паліклініцы адрамантавалі ліфт толькі пасля ўмяшання прэсы

На працягу тыдня хворыя, якія наведвалі ганцавіцкую паліклініку, вымушаныя былі дабірацца на трэці-чацвёрты паверхі пешшу, бо зламаўся ліфт. Да хірурга на трэці паверх некаторыя ішлі на мыліцах, рызыкуючы ўпасці і забіцца. Пры гэтым варта адзначыць, што прыступкі абліцаваныя кафляй. А адной з жыхарак раёна “пашанцавала” яшчэ больш. Яна прывезла бацьку-вазочніка на лекарскую камісію, якая якраз і засядала на чацвёртым паверсе. Акурат у гэты час і зламаўся ліфт. Сярод медыкаў не знайшлося ахвотных спусціць старога ў вазку наніз. Дачка (якая, між іншым, была з братам і мужам) кінула бацьку ў медустанове і паехала скардзіцца ў райвыканкам. Інваліда знеслі ўніз незнаёмыя хлопцы.

У чацвер, 22 ліпеня, ліфт у паліклініцы адрамантавалі, пасля таго як увагу да праблемы прыцягнула газета "Ганцавіцкі час".