У Гомелі выявілі самых запатрабаваных, эфектыўных і непрабіўных чыноўнікаў

Актывісты грамадзянскай кампаніі "Наш дом" склалі неафіцыйны рэйтынг гарадскіх службоўцаў. Яны вызначылі самых запатрабаваных, самых эфектыўных і самых "непрабіўных". Асновай для такога рэйтынгу сталі 120 пісьмовых зваротаў, адпраўленых у розныя інстанцыі. Па выніках перапіскі з чыноўнікамі розных узроўняў былі вызначаныя знакавыя для актывістаў асобы гарадскога маштабу і ступень іх удзелу ў рашэнні тых праблем, з якімі да іх звярталіся.

У выніку з больш як 30 гарадскіх чыноўнікаў самым запатрабаваным выявіўся генеральны дырэктар КПУП "Гомельскае гарадское ЖКГ" Ігар Каршакоў. Самым эфектыўным службоўцам актывісты прызналі намесніка старшыні гарвыканкама Сяргея Лузая. У намінацыі "Самы непрабіўны службовец" першынство дасталася першаму намесніку кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Ўладзіміру Кузняцову.

Дваццаці чыноўнікам, якія згадваліся найчасцей, на наступным тыдні дашлюць арыгінальныя віншавальныя паштоўкі зялёнага колеру з фірмовым лагатыпам "Нашага дома".

БелаПАН