У гомельскай калоніі абвяргаюць звесткі пра галадоўку Яўгеніі Бачурнай

Адміністрацыя гомельскай жаночай калоніі (ІЧ-4) абвяргае інфармацыю пра галадоўку асуджанай Яўгеніі Бачурнай. "Глупства, у нас няма ніякіх галадовак. Калі хтосьці не жадае есці — гэта не галадоўка. У нас такіх відаў, формаў пратэсту няма... Калі хтосьці адзін раз не схадзіў у сталовую, то гэта не страшна", — пракаментаваў для БелаПАН сітуацыю намеснік начальніка калоніі Ігар Жасцянікаў.

Яму таксама невядома, на падставе якой інфармацыі піша скаргі ў розныя інстанцыі муж Бачурнай. Па словах міліцыянта, муж асуджанай у калоніі не бывае і не валодае сітуацыяй.

Нагадаем, што паводле неафіцыйнай інфармацыі, 4 верасня ў гомельскай жаночай калоніі ІЧ-4 абвясціла бестэрміновую галадоўку наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная. Пра гэта паведаміў яе муж Уладзімір Журба. Па ягоных словах, на крайнія меры ў адстойванні сваіх правоў асуджаная вырашылася ў сувязі з тым, што ёй забаранілі купляць прадукты ў краме.

7 верасня Журба накіраваў генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу скаргу на ўмовы ўтрымання асуджаных у жаночай калоніі.