У Хойніках міліцыя затрымала распаўсюдніка агітацыйных матэрыялаў

Як патлумачыў спадар Ціток, на вуліцы Савецкай на прыпынку грамадскага транспарту ён наклеіў тры агітацыйныя ўлёткі кандыдатаў у прэзідэнты — не ведаў, што на прыпынках, дзе шмат розных аб’яваў, іх клеіць нельга. Пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі са службы "Ахова" і адвезлі хлапца ў РАУС. Там яму заявілі, што агітацыя нібыта наагул скончылася.

У агітатара забралі тры сотні ўлётак Мікалая Статкевіча і каля тысячы ўлётак Дзмітрыя Уса. Міліцэйскі следчы Дзмітрый Каўроў склаў на хлопца адміністрацыйны пратакол і патлумачыў, што перадасць яго ў камісію райвыканкаму.

А 23-й гадзіне яму патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што можна забраць агітацыйныя ўлёткі.

Давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты паведамляюць, што ў Хойніках выявілі толькі 2 дазволеныя месцы для развешвання перадвыбарчых агітацыйных матэрыялаў, у Брагіне і Лоеве — па адным, паведамляе радыё Свабода.