У Канадзе памёр вядомы беларускі пісьменнік-эмігрант Кастусь Акула

Учора ў Канадзе, на 83-м годзе жыцця памёр Кастусь Акула, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты празаік, паэт і драматург, паведамляе “Хартыя 97”.
Падчас Другой сусветнай вайны пісьменнік паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 — у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. Ваяваў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, удзельнічаў у славутай бітве пры Монтэ-Касіна, быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію.

Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 года з’ехаў у Канаду. Там шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школах, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША. Кастусь Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант".

У 1993 годзе пісьменнік здзейсніў сваю мару і па запрашэнні вядомага музычнага крытыка, рок-паэта і літаратара Вітаўта Мартыненкі пабываў у Беларусі. Сваімі ўспамінамі пра Кастуся Акулу Вітаўт Мартыненка падзяліўся з Еўрарадыё.

Вітаўт Мартыненка:
“З Кастусём Акулам мне давялося сустракацца асабіста некалькі разоў. Спачатку я гасцяваў у яго, калі ездзіў у Канаду на прэзентацыю сваёй першай кніжкі, рэдактарам якой быў Акула. Потым я пераканаў яго прыехаць у Беларусь. Ён марыў пра гэта”.

На думку Вітаўта Мартыненкі, Кастусь Акула для беларускай літаратуры не менш значны за Васіля Быкава, але яго творчасць дагэтуль застаецца маладаследаванай і практычна невядомай чытачам.

Вітаўт Мартыненка: “Ён вельмі захапляўся творчасцю Васіля Быкава, шанаваў яго. Але калі я пачытаў яго творы, то пераканаўся, што ён не меншы талент, а можа, нават у нечым і большы, чым Быкаў. Гэта таму што канадская рэчаіснасць, больш свабодная, дазволіла праявіцца яго талентам на ўсе 100 працэнтаў”.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч даследаваў творчасць Кастуся Акулы ў сваёй доктарскай дысертацыі. Аднак дзяржаўная атэстацыйная камісія забракавала працу Пашкевіча.

Дарэчы, Акула адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа, які напісаў раман на англійскай мове "Заўтра – гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары. Раман цяпер рыхтуецца да выдання ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Варабей у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчына”.