У кожнага дзесятага мінскага школьніка выяўленыя прыкметы атлусцення

Прыкметы атлусцення выяўленыя ў кожнага дзесятага сталічнага школьніка, паведамляе агенцтва “Мінск-навіны”.
У рамках праграмы “Маніторынг здароўя і фізічнага развіцця дзяцей Мінска” медыкі абследавалі больш за 146 тысяч школьнікаў па 16 паказчыках здароўя. Аб гэтым распавёў галоўны санітарны лекар горада Фёдар Германовіч.

Адзін з асноўных паказчыкаў фізічнага развіцця дзіцяці — суадносіны яго масы цела і росту. Падчас даследаванняў устаноўлена, што ў 63% школьнікаў гарманічнае фізічнае развіццё, гэта значыць поўная адпаведнасць вагі росту.

Каля 10% навучэнцаў маюць залішнюю масу цела. Занадта худымі аказаліся 1,2% школьнікаў. У астатніх дзяцей адзначаліся невялікія адхіленні ў суадносінах вагі і росту.