У краінах Еўропы адбыліся пратэсты супраць скарачэння сацыяльных выдаткаў

У шэрагу краін Еўропы ў сераду адбыліся акцыі пратэсту супраць скарачэння сацыяльных выдаткаў, паведамляюць інфармагенствы. Найбольшы за апошнія 20 гадоў страйк прайшоў у Партугаліі. Не працавала большасць установаў, было парушана функцыянаванне лісабонскага аэрапорта.

У Італіі і Вялікабрытаніі адбыліся масавыя акцыі студэнтаў супраць скарачэння выдаткаў на адукацыю і павышэння платы за навучанне. У Лондане здарыліся сутычкі ўдзельнікаў пратэстаў з паліцыяй. Былі параненыя 17 чалавек, у тым ліку 2 паліцыянты. 29 маніфэстантаў затрыманыя.

У сталіцы Грэцыі Афінах сёння пройдзе страйк працаўнікоў грамадзкага транспарту, не задаволеных планамі яго рэарганізацыі. Апрача таго, у Грэцыі доўжыцца страйк маракоў, што абслугоўваюць паромы ў Эгейскім моры.