У Лідзе мужчына паведаміў пра бомбу ў пакоі сваёй былой жонкі

У Лідзе п'яны мужчына па тэлефоне "102" паведаміў у міліцыю пра тое, што ў адным з інтэрнатаў рыхтуецца выбух. "Бомба", нібыта, была закладзеная ў пакоі яго былой жонкі. На месца тэрмінова выехалі праваахоўнікі, аднак ніякага выбуховага прыстасавання не знайшлі.

Як інфармуе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў, высветлілася, што ў якасці тэлефоннага тэрарыста выступіў 36-гадовы жыхар вёскі Краснаўцы. Раней яго судзілі за заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы. Мужчына нідзе не працуе. Яго затрымалі, распачатая крымінальная справа.

Такія выпадкі ў Беларусі — не рэдкасць. Два гады таму ў Маладзечне непрацуючы 36-гадовы мужчына паведаміў у міліцыю, што ў пакоі яго знаёмай у інтэрнаце знаходзіцца выбуховае прыстасаванне. Аднак нічога не знайшлі. Матывам гэтага ўчынку стала рэўнасць. У чэрвені 2014-га ў Віцебску п'яны мужчына "замініраваў" чыгуначны вакзал, каб... адпомсціць жонцы.

Фота: Fotolia