У Лондане праходзіць мітынг з патрабаваннем адстаўкі прэм’ера Кэмерана
У цэнтры Лондана праходзіць мітынг з патрабаваннем адстаўкі прэм’ер-міністра Брытаніі Дэвіда Кэмерана. Пратэстоўцы сабраліся каля рэзідэнцыі на Даўнінг-стрыт, 10 і прайшлі маршам да гатэлю Grand Connaught Rooms, дзе праходзіць сезонная канферэнцыя Кансерватыўнай партыі. Дэманстранты прынеслі плакаты “Кэмеран павінен сысці” і “Зрынуць уладу Торы!”.
Паводле ВВС, колькасць пратэстоўцаў ацаніць складана. Паводле ацэнкі выдання Huffington Post іх “некалькі тысяч”. Карэспандэнт ВВС пры гэтым налічыў толькі 150 чалавек.
Уваход у гатэль заблакаваны паліцыяй.
Нагодай для пратэстаў стала згадка імені бацькі Кэмерана ў апублікаваным на мінулым тыдні “Панамскім дасье”. У адказ на просьбу пракаментаваць знаходку прэс-служба ўраду заявіла, што гэта “асабістая справа” прэм’ера.
Аднак пасля гэтага ў брытанскай прэсе цягам некалькіх тыдняў мусіравалася пытанне, ці працягвае сям’я Кэмерана карыстацца афшорным фондам. Даўнінг-стрыт апублікаваў заяву, што ні Дэвід Кэмеран, ні яго жонка, ні дзеці “не карыстаюцца ніякімі сродкамі, атрыманымі праз афшорныя фонды”.