У Магілёве гарэў дзіцячы садок, ніхто з людзей не пацярпеў (фота)

У Магілёве ў першай палове дня 6 траўня адбыўся пажар у дзіцячым садку па 3-м завулку Мечнікава. Узгаранне адбылося на другім паверсе. На шчасце, у гэты момант у будынку не было людзей: 14 дзяцей і 2 выхавацелькі пайшлі ў музычную залу ў новы будынак. Астатнія дзеці гулялі на вуліцы. Калі ж спрацавала сігналізацыя, дзяцей эвакуявалі з новага будынка. Агулам іх было 78, разам з імі ратавальнікаў чакалі 16 чалавек абслугоўваючага персаналу.

Як інфармуе прэс-служба МНС, падчас пажару пацярпелі некалькі памяшканняў, у тым ліку былі закураныя сцены і столь у спальні. Былі знішчаны рэчы адной з выхавацелек. Ніхто з людзей не пацярпеў. Прычына ўзгарання пакуль невядомая.

Фота: МНС