У міліцыі засталіся дзве версіі ў справе выбуху ў Мінску

У следства па справе аб выбуху ў Мінску засталіся дзве версіі. Першая — выбух па нявысветленых прычынах арганізаваў адзіночка. Другая — у Беларусі можа дзейнічаць глыбока заканспіраваная арганізацыя.
Пра гэта ў інтэрв'ю “Комсомольской правде в Белоруссии” распавёў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Паводле яго слоў, раней следства разглядала некалькі версій: тэракт, замах на жыццё вышэйшых службовых кіраўнікоў, хуліганства.

Навумаў таксама адзначыў, што мінскай “бомбе” няма аналагаў у свеце. Прынамсі, замежныя спецыялісты, якія дапамагалі беларусам у расследаванні выбуху, ніколі не сутыкаліся з нечым падобным.

Акрамя таго міністр заявіў, што дзякуючы масавай дактыласкапіі ўдалося раскрыць дзясяткі цяжкіх злачынстваў, было знойдзена больш за тысячу адбіткаў пальцаў, пакінутых раней на месцах злачынстваў.