У Мінску аўтаслесар скраў BMW і сутыкнуўся з эвакуатарам (фота)
Аўтааварыю ён учыніў на вачах у супрацоўнікаў ДАІ.
Аўтаслесар учыніў аварыю ў Мінску. 40-гадоваму мужчыне пакінулі для рамонту аўтамабіль BMW 725. Ён яго адрамантаваў і вырашыў пакатацца. Праўда, аўтаслесар быў пазбаўлены правоў вадзіцеля за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення, таксама раней яго судзілі за крадзёж машыны.
Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", на перакрыжаванні МКАД і вуліцы Шаранговіча BMW сутыкнулася з эвакуатарам. Здарылася гэта на вачах ДАІшнікаў, якія афармлялі дакументы на эвакуацыю прыпаркаваных з парушэннем аўтамабіляў. Аўтаслесара адразу ж затрымалі. У яго крыві выявілі 1,2 праміле алкаголя.
У адносінах мужчыны распачатая крымінальная справа. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.


Фота — Мінск-навіны