У Мінску футбольныя фанаты разбілі тралейбус, затрыманыя 10 чалавек

Здарылася гэта яшчэ 29 чэрвеня, але пра гэтае здарэнне паведамляецца толькі цяпер. Паводле інфармацыі прэс-службы МУС Беларусі, каля гандлёвага цэнтра "Maximus" маладыя людзі на некалькіх аўтамабілях заблакавалі рух тралейбуса. Яны разбілі ў ім шыбы, пашкодзілі корпус, распылілі слёзацечны газ і ўцяклі.

Аператыўнікі высветлілі асобы хуліганаў, імі аказаліся фанаты футбольнага клуба "Партызан", які выступае ў другой лізе. Прычынай іх учынку стала "разборка" з фанатамі іншага футбольнага клуба — "Тарпеда", якія знаходзіліся ў салоне тралейбуса разам з іншымі пасажырамі. Хуліганы затрыманыя. У адносінах 10 чалавек распачатая крымінальная справа па артыкуле "Хуліганства". Акрамя выплаты стратаў тралейбуснаму парку ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Фота — Fotolia