У Мінску хочуць прыбраць бетонныя канструкцыі з дзіцячых гульнявых пляцовак
Неабходна дэмантаваць бетонныя канструкцыі на дзіцячых гульнявых пляцоўках у Мінску. Пра гэта заявіў 26 кастрычніка першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Як паведамляла Еўрарадыё, 24 кастрычніка ў двары на вуліцы Касманаўтаў на дзіцячай пляцоўцы павалілася бетонная арка. Траўмы атрымалі дзве дзевяцігадовыя школьніцы. Адна з іх шпіталізаваная.
Тэрмін эксплуатацыі такіх канструкцый — 65 гадоў. Прычым многія з іх выкарыстоўваюцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Па словах Кухарава, небяспечныя канструкцыі трэба тэрмінова дэмантаваць. "Калі візуальна немагчыма вызначыць стан канструкцый, варта неадкладна правесці адпаведнае абследаванне", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка. Ён параіў на месцы такіх бетонных канструкцый ставіць новае абсталяванне.
Першы намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Віталь Тулай заявіў, што ратавальнікі праверылі больш за 800 дзіцячых гульнявых пляцовак. Яны выявілі больш за 100 фактаў эксплуатацыі няспраўнага абсталявання.
Кіраўнік сталіцы Андрэй Шорац даручыў адміністрацыям раёнаў на працягу тыдня праверыць усе дзіцячыя пляцоўкі і навесці там парадак, у тым ліку з прыцягненнем жыхароў.
Фота: b-g.by