У Мінску ТБМ зладзіла вечарыну з нагоды 80-годдзя Алеся Петрашкевіча

Вечар, прысвечаны 80-годдзю драматурга, гісторыка і дзяржаўнага дзеяча Алеся Петрашкевіча, прайшоў 11 снежня ў штаб-кватэры “Таварыства беларускай мовы” ў Мінску, паведамляе БелаПАН. Старшыня ТБМ Алег Трусаў называў Петрашкевіча “энцыклапедыстам і беларускім Леанарда да Вінчы”, які быў адразу высокім чыноўнікам, драматургам і навукоўцам. Дзякуючы Алесю Петрашкевічу і Петрусю Броўку ў Беларусі было створанае выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, выйшлі шматлікія кнігі. Петрашкевіч вядомы як адзін з заснавальнікаў ТБМ і актыўны сябра рэдкалегіі газеты “наша слова”, у якой друкуюцца ўсе п’есы драматурга. Аднак ніводзін з яго выбітных гістарычных твораў не пабачыў сцэну. У часе вечарыны выкладчыкі і студэнты Ўніверсітэту культуры прадставілі ўрыўкі з п’есы “Напісанае застаецца”, прысвечанай жыццю Францішка Скарыны.