У Мінску з задымленай кабіны ліфта выратавалі дзвюх жанчын (фота)
Здарэнне адбылося ў 16-павярховым жылым доме на вуліцы Веры Харужай.
Каля 7-й гадзіны раніцы ў нядзелю, 14 верасня, там засеў ліфт, у якім ехалі дзве жанчыны. На месца прыехалі выратавальнікі, якіх выклікалі жыхары дома. Яны пабачылі, што ў пад'ездзе дым. Высветлілася, што адбылося ўзгаранне электраправодкі на тэхнічным паверсе (на ўзроўні 2-га паверха.
Як інфармуе прэс-служба МНС, ратавальнікі перадалі ў кабіну ліфта дзве маскі для жанчын, каб яны не задыхнуліся ад дыму. Неўзабаве іх удалося вызваліць. Патрэбы ў шпіталізацыі яны не мелі. Эвакуацыя жыхароў дома не праводзілася.
Мяркуецца, што прычынай здарэння магло стаць кароткае замыканне электраправодкі.


Фота — МНС