У Мінску злавілі дэзертыра, які ўцёк з вайсковага палігона пад Баранавічамі

Дзесяць дзён працягваліся пошукі дэзертыра, які ўцёк з вайсковага палігона ў Баранавіцкім раёне. Як паведаміў старшы следчы баранавіцкай міжраённай вайсковай пракуратуры Максім Наздрын, хлопца злавілі ўжо ў Мінску. Каб не прыцягваць да сябе ўвагі, вайсковец быў пераапрануты ў цывільную вопратку.

Вядома, што ён служыў у Слонімскай брыгадзе. Дэзертыр прызнаўся, што не хацеў служыць у войску і вырашыў схавацца ў сваякоў у Гомельскай вобласці. Цяпер яму пагражае за дэзертырства ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Праўда, следства правярае версію, што хлопец можа быць непрыдатны да вайсковай службы.

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Баранавічы