У Мінску знясуць амаль усе прыватныя хаты, а да хрушчовак прыбудуюць ліфты

Сталічныя ўлады ў адпаведнасці з новай канцэпцыяй генплана развіцця горада плануюць знесці вялікія масівы старых дамоў. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Нікіцін, інфармуе “Інтэрфакс”.
Паводле яго слоў, Мінску трэба будаваць не менш за два мільёны квадратных метраў жылля ў год. Вольных тэрыторый мала, таму ў бліжэйшыя 5 гадоў плануецца вырашыць пытанне зносу вялікіх масіваў у прыватным сектары, старых малапавярховых дамоў і распачаць рэканструкцыю "хрушчовак".

Як адзначыў Нікіцін, праект генплана прадугледжвае захаваць не больш за 4% індывідуальнай забудовы. Будуць знесеныя вялікія масівы жылля ўздоўж вуліц Арлоўская, Усходняя, а таксама ў раёне Мінскага трактарнага завода і Дражні. Застануцца адзінкавыя хаты, якія маюць уласную інфраструктуру і з'яўляюцца жыллём высокай якасці. Ён дадаў, што больш дакладна раёны масавага зносу прыватнага сектара будуць названыя праз месяц.

Што датычыцца “хрушчовак”, то іх плануецца рэканструяваць — надбудаваць паверхі з прыбудовай ліфтаў.