У Мытным саюзе Расія абараняе свой аўтамабільны рынак

Расія настойвае на высокіх увазных мытах на легкавыя аўтамабілі ў рамках Мытнага саюза. Пра гэта заявіў журналістам у Мінску чалец Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, старшыня камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі ЕўрАзЭС па аграпрамысловай палітыцы, прыродакарыстанні і экалогіі Анатоль Васькоў. Журналісты запярэчылі, што Беларусі і Казахстану як удзельнікам Мытнага саюза няма чаго абараняць расійскага вытворцу легкавых аўтамабіляў. Аднак прадстаўнік Расіі адзначыў, што Расія будзе настойваць на захаванні высокага ўзроўню ўвазных мытаў, паведамляе "Інтэрфакс".

У сваю чаргу, старшыня пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай асамблеі ЕўрАзЭС па гандлёвай палітыцы і міжнародным супрацоўніцтве, намеснік старшыні камісіі беларускага парламента па міжнародных справах і сувязях з СНД Ігар Карпенка адзначыў, што пытанне падвышэння ўвазных мытаў на аўтамабілі ў Беларусі рэгулярна "абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях".

Дарэчы, увазныя мыты на легкавыя аўтамабілі ў Расіі значна перавышаюць памер адпаведных мытаў у Беларусі.