У Нямеччыне мужчына з сякерай напаў на пасажыраў цягніка (фота, відэа)
У Баварыі ўвечары ў панядзелак мужчына з сякерай і нажом напаў на пасажыраў прыгараднага цягніка. Як перадае Бі-Бі-Сі, не менш за тры чалавекі атрымалі сур'ёзныя раненні, адзін паранены лёгка. Паводле нямецкіх СМІ, некаторыя пацярпелыя маюць небяспечныя для жыцця раненні. Яшчэ 14 чалавек былі ў стане шоку.
Калі цягнік спыніўся, нападнік спрабаваў уцячы. Аднак ён сутыкнуўся з нарадам паліцыі, які прыбыў на выклік. Зламыснік напаў на паліцыянтаў, і тыя застрэлілі яго.
Паводле папярэдніх звестак, нападнікам быў 17-гадовы афганец, які жыў у горадзе Аксенфурт. Ёсць інфармацыя, што гэта бежанец, які нядаўна прыбыў у Нямеччыну.