У Омску на помніку ветэранам вайны высеклі імёны яшчэ жывых людзей
Але ветэраны не крыўдуюць: маўляў, маглі ж увогуле нічога не зрабіць дзеля памяці пра іх подзвіг.
Скандальны інцыдэнт адбыўся ў расійскім Омску ў часе святкавання гадавіны Дня Перамогі. На новым помніку ветэранам вайны высеклі імёны людзей, якія яшчэ жывуць, а каб схаваць недарэчнасць, іх проста заклеілі скотчам перад цырымоніяй адкрыцця.
Як распавёў Еўрарадыё Уладзімір Вайтовіч, журналіст сайта superomsk.ru, помнік адкрылі на 9 траўня у пасёлку Лузіна Омскага раёна. Гэта помнік ветэранам Вялікай айчыннай вайны, якія загінулі пасля вайны. Памылкова ў яго унеслі некалькі жывых.
Улады абяцаюць выправіць памылку і перарабіць помнік, а пакуль заляпілі скотчам імёны жывых ветэранаў. Але мясцовыя журналісты мяркуюць што гэта калі і зробяць, то няхутка. Сын жывога ветэрана, з якім гутарылі журналісты, кажа, што на чыноўнікаў зла не трымаюць: маўляў, хацелі зрабіць добрую справу, памыліліся, але ж маглі нічога не рабіць увогуле.



Фота: superomsk.ru