У Панаме закончылі прымусовую разгрузку карабля КНДР са зброяй
З трумаў дасталі 25 кантэйнераў, якія змяшчалі небяспечны груз. Для гэтага спачатку давялося дастаць тысячы тон цукру.
Паведамляецца, што там знайшлі зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы.
Нагадаем, паўночнакарэйскае судна было затрымана ў ліпені на шляху з Кубы ў КНДР у Панамскім канале. Афіцыйным грузам быў пазначаны толькі цукар. Пазней улады Кубы заявілі, што на караблі была састарэлая зброя, якую трэба было рамантаваць: зенітна-ракетныя комплексы, ракеты, два самалёты і рухавікі. Аднак улады Панамы знайшлі і выбухоўку.
Чакаецца, што для агляду грузу днямі прыедуць эксперты Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Тым часам улады КНДР патрабуюць вызваліць іх судна. Пхеньян лічыць, што ўлады Панамы не мелі права правяраць груз.
Фота — Reuters