У першы матч на "Мінск-Арэну" выйдуць зоркі беларускага хакейнага чэмпіянату

У першым матчы на "Мінск-Арэне" сустрэнуцца зоркі адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі. Айчынныя хакеісты будуць супернічаць з легіянерамі, паведаміў старшыня Федэрацыі хакею Ўладзімір Навумаў. Па словах Навумава, хутчэй за ўсё, матч адбудзецца ў бліжэйшы месяц, можа, крыху пазней, перадае БелаПАН. Раней меркавалася, што першымі на лёд новай арэны выйдуць каманда беларускага прэзідэнта і зборная свету.

1 снежня пачнецца распаўсюд квіткоў на матч усіх зорак КХЛ, які пройдзе на "Мінск-Арэне" 30 студзеня. Кошт — ад 70.000 да 100.000 рублёў. На пачатку кастрычніка Навумаў паведаміў, што прыблізны кошт квіткоў складзе 10 еўра (каля 40.000 рублёў). Цяперашнія высокія кошты тлумачацца тым, што квіток дае права наведаць усе мерапрыемствы ў рамках матчу. Праграма будзе доўжыцца больш за шэсць гадзін. Па словах кіраўніка хакейнай федэрацыі, мяркуецца запрасіць Мікалая Баскава і Сафію Ратару.

У федэрацыю паступілі масавыя заяўкі на набыццё квіткоў з расійскіх гарадоў, дзе базуюцца каманды КХЛ. Аднак Навумаў не жадае, каб на матчы зорак лігі вяршэнствавалі расійскія гарады. У працы па прыцягненні беларускіх заўзятараў ён разлічвае на дапамогу кіраўніцтва айчынных клубаў.

Дарэчы, Навумаў паведаміў, што беларускія хакеісты будуць гуляць у гэтай сустрэчы за зборную Расіі.