У Пінску затрымалі двух падазраваных у серыі кватэрных крадзяжоў

У Пінску затрымалі двух мясцовых жыхароў, якіх падазраюць у серыі кватэрных крадзяжоў, паведамляе БелаПАН. Маладыя людзі, аднаму з іх 26, а другому 27 год, затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі з палічнымі 19 жніўня. Следства выявіла, што яны залезлі ў дзевяць кватэраў. Падазраваныя заходзілі ў пад’езды і шукалі дзверы з кнопачнымі замкамі. Званілі, а калі гаспадароў не было ў хаце, траплялі ў кватэру, адціскаючы рыгель замка. Кралі каштоўныя негабарытныя рэчы, у асноўным ноўтбукі, фотаапараты, сотавыя тэлефоны, вырабы з золата, а таксама грошы. Яны збывалі скрадзенае ў Пінску і ў Мінску. Частку рэчаў у іх канфіскавалі.

Затрыманыя ўжо мелі судзімасці, адзін з іх сядзеў і за кватэрны крадзеж.