У Полацку выратавалі дзіця, якое ледзь не ўпала з пятага паверха (фота)

Полацкія выратавальнікі перадухілілі трагедыю, якая магла скончыцца гібеллю 4-гадовага дзіцяці. Сёння ў 11.00 відавочца паведаміў на лінію 101, што на падаконні дома па вуліцы Катоўскага на пятым паверсе стаіць дзіця.

Супрацоўнікі МНС праз лічаныя хвіліны прыбылі на месца. На падаконні сапраўды стаяў маленькі хлопчык і гуляўся са створкай вакна. Гэта была небяспечная сітуацыя, бо хлопчык насамрэч мог упасці.

Выратаваў малога камандзір аддзялення Віталь Яфішанка, які па аўталесвіцы ўзняўся ў кватэру і зняў хлопчыка з вакна. Як выявілася, дзіця было ў кватэры адно.

Выратавальнік заставаўся з малым да прыбыцця міліцыі і яго маці. За пакіданне дзіця ў небяспецы маці прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці, паведамляе прэс-служба МНС.