У Полацку збіраюць грошы на рамонт аргана, майстра замовілі ва Украіне

16 снежня ў Сафійскім саборы адбудзецца дабрачынны канцэрт на карысць полацкага аргана. Падрабязнасці пра гэтую акцыю даведалася нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Справа ў тым, што арган час ад часу патрабуе прафілактычнага рамонту. А ў Беларусі няма спецыялістаў, здольных праслухаць кожную з арганных труб (а іх амаль чатыры тысячы) і высветліць, ці не "захварэла" яна, а потым разабраць ды пачысціць ад пылу.

17 снежня ў Полацк прыедзе майстар з Украіны. Да гэтага часу трэба сабраць тры мільёны рублёў, неабходных на аплату яго паслуг.

Дарэчы, грошы на папярэдні прафілактычны рамонт салістка канцэртнай залы Сафійскага сабору Ксенія Пагарэлая зарабіла дабрачыннымі канцэртамі ў Швейцарыі”.