У Расіі аршанца збіраюцца судзіць за куплю запальнічкі з відэакамерай
Нашаму суайчынніку пагражае 4 гады за гэтую пакупку.
У Смаленскай вобласці Расіі пад суд трапіў 52-гадовы жыхар Оршы. На тэрыторыі Расіі праз інтэрнэт-краму ён купіў запальнічку са схаванай камерай, каб сачыць за жонкай.
Следства паведамляе, што купля адбылася ў лютым 2014 года. Мужчына замовіў шпіёнскую камеру ў інтэрнэт-краме і атрымаў яе у паштовым аддзяленні Смаленскай вобласці накладной платай. Пры атрыманні аршанец заплаціў за прыладу каля 5000 расійскіх рублёў. Але скарыстацца камерай не паспеў, бо яго затрымалі расійскія следчыя.
Беларуса вінавацяць у незаконным абарачэнні спецыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі. Згодна з расійскімі законамі, яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі, перадаюць "Народныя навіны Віцебска".