У Слуцкім раёне шалёная ліса супакоілася толькі пасля дзевятай кулі

Дзевяць куль спатрэбілася слуцкім міліцыянтам, каб спыніць шалёную лісу. 17 лютага драпежніца атакавала жыхароў вёсці Балотчыцы, што ў Слуцкім раёне. Спачатку ліса паспрабавала пакусаць мужчыну, які ішоў па вуліцы. Але ён паспеў забегчы на свой падворак і закрыць брамку. Тады ліса накіравалася ў іншы двор і некалькі гадзінаў запар не давала адной з мясцовых жыхарак выйсці з хаты.

Міліцыянты, якія прыехалі па выкліку пасля таго, як утаймоўваць жывёлу адмовіліся на ветэрынарнай станцыі і ў масцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, былі вымушаныя страляць у лісу. “Аднак пасля першага ж стрэлу ліса пачала бегаць па гародзе, і давялося страляць па мішэні, якая рухалася”, — распавёў “Інфа-Кур’еру” ўчастковы Слуцкага РУУС Вадзім Тарасевіч.

З дзевяці куль у лісу трапіла пяць: чатыры — ў тулава, і адна — у галаву.