У Светлагорску мужчына біў жанчын за тое, што яны ўсміхаліся

У Светлагорску дзвюх жанчын без прычыны ўдарыў на вуліцы незнаёмы мужчына. Як інфармуе тэлекампанія "Ранак", першую з іх ён нагнаў на адной з вуліц горада 4 траўня, выкрыкнуў у яе бок абразу і ўдарыў у твар. Пацярпелая ад нечаканасці не звярнула ўвагу на знешнасць мужчыны. Недалёка знаходзіліся яе калегі па працы, якім запомніўся толькі яго высокі рост.

Другая пацярпелая ішла насустрач высокаму незнаёмцу ў чырвонай футболцы 11 траўня. Ён, нічога не кажучы, ударыў дзяўчыну, затым пайшоў на прыпынак і сеў у аўтобус. Разам з сяброўкай на машыне пацярпелая прасачыла за ім да самага дома. Пасля таго, як мужчына зайшоў у пад’езд пры дапамозе ўласнага ключа, дзяўчыны патэлефанавалі ў міліцыю.

Пасля затрымання высветлілася, што 45-гадовы мужчына ўжо меў судзімасць за аналагічнае злачынства, знаходзіўся на прымусовым лячэнні пасля прысуду і стаіць на ўліку ў псіхіятра.

Па словах мужчыны, прычынай агрэсіі сталі ўсмешкі жанчын. Затрыманаму здаецца, што жанчыны, якія ўсміхаюцца, смяюцца з яго. Супраць падазраванага распачалі крымінальную справу за хуліганства. Мужчыну заключылі пад варту, прызначылі яму псіхіятрычную экспертызу. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні.

Здымак з архіву.