У Светлагорску з'явіўся камень з крыжом са зніклага горада Казіміра

У Светлагорску каля абноўленага музея выкладзены валун са старажытнай выявай крыжа. Знойдзены ён пры раскопках Казіміра – горада, які існаваў у ХVII ст. З 1643 г. на месцы вёскі Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёну стаяў горад Казімір, які меў Магдэбургскае права. Цяпер тут вядуцца археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна, які і адкрыў Казімір. У 2007 г. пры раскопках знайшлі гранітныя камяні – рэшткі будаўнічай канструкцыі.

Сяргей Рассадзін: –
Гэта была фундаментная апора вялікага збудавання, магчыма, ратушы. Разам з усімі знаходкамі валуны прывезлі ў Светлагорск. І тут рабочы музея, які працаваў на разгрузцы, заўважыў: на камяні высечаны крыж, які мае каля 10 см у вертыкальнай і гарызантальнай рысах.

Казімір, “апошні невядомы горад Еўропы”, быў цалкам знішчаны падчас вайны з Масковіяй у 1655 г.

Цяпер ля старадаўняга крыжа будзе праходзіць кожны наведвальнік музея.

Гэта не першая падобная знаходка ў раёне: колькі гадоў таму ў в. Здудзічы Чыркавіцкага сельсавету быў выяўлены старажытны каменны крыж, які зараз усталяваны ў храме пасёлка Парычы.

Сяргей Рассадзін: - Камяні з крыжамі сведчаць пра высокую духоўнасць людзей таго часу. Яны ставілі свае будынкі на крыжах, каб дамы трымаліся не толькі каменнай моцай, але духоўнай.

Што не ўратавала горад ад поўнага знішчэння.

РэгіёнBY

На здымку Алены Каваленкі: Валанцёры вядуць раскопкі на месцы Казіміра. Жнівень 2006 г. 

На малюнку: герб Казіміра.