У Венесуэле знайшлі склад дэфіцытнай туалетнай паперы
Патаемны склад размяшчаўся ў адным з прыгарадаў Каракаса.
У схованцы паліцыянты выявілі 2450 рулонаў туалетнай паперы, адзначае interfax.by. Таксама там былі 7000 літраў фруктовага соку і 400 упаковак падгузнікаў.
Цяпер высвятляецца, адкуль дастаўлены гэтыя тавары і каму яны прызначаліся, кажуць паліцыянты.
Нагадаем, што жыхары Венесуэлы адчуваюць востры недахоп туалетнай паперы ў краіне. Улады Венесуэлы нават плануюць імпартаваць каля 50 мільёнаў рулонаў.
Дарэчы, туалетная папера не адзіны дэфіцытны тавар у Венесуэле. Афіцыйны Каракас вымушаны таксама закупляць за мяжой малако, масла і каву.