У віцебскім заапарку чакалі ільвяня, а ў скрыні прывезлі падлетка (фота)

Льва прывезлі вечарам у чацвер у Віцебск. Мясцовы заапарк быў без ільва больш за год, з тае пары, як памёр 23-гадовы Рыгус. 
Невядома, як жывёлам, а вось наведвальнікам без цара звяроў было неяк нязвыкла ды няўтульна. Новага льва набылі ў Калінінградскім заапарку.  

Чакалі ільвяня, але леў аказаўся не такім ужо і маленькім — 10-месячны падлетак, які важыць 65 кілаграмаў. Імя ў яго пакуль няма. Паводле дырэктара заапарка Аляксея Андрэйкова, права даць імя льву належыць спонсару, які выдаткаваў на яго грошы — ўладальніку абутковай фабрыкі “Марка” Мікалаю Мартынаву. Леў абыйшоўся спадару Мартынаву ў 1200 еўра, на перавозку яго з Калінінграду ахвяравалі іншыя спонсары. 

Цягам месяца леў будзе знаходзіцца ў невялічкай клетцы, у каранціне. Потым яго выпусцяць у вальер, дзе раней жыў леў Рыгус. Зараз яго займае ваўчыца Герда, для яе давядзецца будаваць новае памяшканне. Харчавацца леў будзе мясам (таксама за кошт спонсараў) і жывымі трусамі. У бліжэйшых планах заапарку, паводле спадара Андрэйкова, набыць сяброўку для льва і пару кенгуру.