У Віцебску прапанавалі перайменаваць вуліцу Камуністычную коштам гараджан

Віцебскія актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" пачалі збор сродкаў для перайменавання вуліцы Камуністычнай у Багаслоўскую.  Як інфармуе БЕЛАПАН, 21 студзеня адбылося паседжанне гарадской тапанімічнай камісіі Віцебску. Удзельнічаць у ім запрасілі кіраўніцу Віцебскай абласной арганізацыі БХД Таццяну Севярынец. Яна ініцыявала кампанію па зборы подпісаў за вяртанне цяперашняй вуліцы Камуністычнай яе гістарычнага назову — Багаслоўская. На гэтай вуліцы размешчаны Свята-Ўспенскі храм, святар якога даў блаславенне на збор подпісаў.

Як заявіў прадстаўнік выканкама Кастрычніцкага раёна Віцебску, у бліжэйшыя два-тры гады ўлады не будуць займацца перайменаваннем вуліц, бо ў горада, маўляў, няма сродкаў нават на заробкі і горад з вялікімі цяжкасцямі выплачвае зарплату бюджэтнікам. Перайменаванне вуліцы будзе каштаваць 5—7 млн. рублёў, якія пайдуць на замену тэхпашпартоў дамоў, новыя шыльды з указаннем назвы вуліцы, замену штампаў у пашпартах і г.д.

Чыноўнік заявіў, што калі гэтыя выдаткі возьмуць на сябе жыхары вуліцы Камуністычнай, якія падпісалі заяву аб перайменаванні, то гарвыканкам не будзе мець нічога супраць. Цяпер віцебскія актывісты аргкамітэта па стварэнні БХД пачалі збор сродкаў для перайменавання вуліцы Камуністычнай у Багаслоўскую.